Маё жыццё як гісторыя. Мы ўжо моцныя
– Эй, ты бачыш дзяўчыну, якая сядзіць злева, бачыш якія ў яе завушніцы?
– Ну, так, бачу, і што? Завушніцы як завушніцы, што спадабаліся?
– Справа ў іншым. Завушніцы, ведаеш, гэта прыгожа, але гэта яшчэ, на маю думку, і нешта патаемнае для жанчыны. Яна нібы дае дазвол глядзець на сябе і чытаць сябе.
Ведаеш, зрабіць дзірку ў вушах у мае часы было занадта балюча. Не, ты толькі ўяві, праз тваю плоць наскрозь праходзе іголка, да так што пакідае шрам назаўсёды. Але ў нас дзяўчыны любяць прыгажосць, нават калі тая нясе боль.
Ведаю дзяўчынку гадоў шасці, сястра якой прывяла тую ў нейкі тату-падвал (якіх у Менску дахалеры) да знаёмага майстра. О, гэта быў бугай, увесь у наколках з барадой, адразу бачна сур’езны мужчына, з якім лепей не жартаваць. На здзіўленне, ён быў мілы да дзіцёнка. Робячы сваю справу, ён распавядаў малютке нейкую байку, так што тая нават не плакала. Колькі год ужо прайшло, а мужчыны да гэтай пары бавяць казкі і робяць балюча.
Заўважалі, што заўсёды першыя завушніцы ў жыці жанчыны- цвікі? Ну такія з маленькімі рознакаляровымі каменьчыкамі- проста скарбы для маленькіх прынцэс. І гэтыя прынцэсы, не, каралевы пачынаюць адчуваць сябе такімі важнымі, прыгожымі, нібы так і кажуць: “Любуйцеся намі, мы дазваляем”.
Калі дзяўчына падрастае, той, зразумела, хочацца эксперыментаў. Яна пакідае тыя мілыя акуратныя завушнічкі і пачынае шукаць свой стыль. Зменяе адны пары завушніц на іншыя, спрабуе ўсё магчымае, знаходзіцца ў бясконцым рухе. Дзяўчына паўна сіл і энергіі, паказвае што малада, таму і свабодна ў сваім жыцці ад волі іншых.
Можа дзяўчына хацела быць сабой? Не думаю, што яна пра гэта задумвалася.
-А ёсць у дзяўчыны любімыя завушніцы, такія, якія нешта значаць, нешта важнае для яе?
-Былі. Яны былі прыгожымі, чырвонымі. Матулін падарунак. Аднойчы іх прышлося зняць пры ўваходзе, да наогул шмат што прышлося зняць, не толькі завушніцы. Да тады і не пра гэта думка была, і не пра гэтыя рэчы дбала дзяўчына. Потым трэба было прайсці падпісаць паперы, калі не падпісваеш, крычаць, там наогул шмат крычалі. Гэта сёння дзяўчына шкадуе, што завушніцы страчаны, а тады дзяўчына была аточана страхам, на такім узроўні, што адчувала, як ён яе абдымае. У сваім болі яна была не адна: у пакоі былі яшчэ жанчыны, у іх таксама былі слёзы на вачах, напэўна, і ў іх адабралі завушніцы.
А завушніцы былі прыгожымі, матулін падарунак. Будзем шчырымі, яны спрабавалі забраць болей, але болей не атрымалася. Завушніцы… гэта першы крок да таго, што можна адняць у чалавека. Яны ж не ўпрыгожванне, яны нас знішчалі.